СІМФАНІЧНЫ АРКЕ́СТР,

калектыў інструменталістаў, прызначаны для сумеснага выканання твораў сімфанічнай музыкі, вышэйшы тып аркестра.

Развіццё С.а. абумоўлена эвалюцыяй арк. інструментаў, новымі прыёмамі ігры, размяшчэннем музыкантаў на эстрадзе ці ў арк. яме, кіраваннем калектывам, зменай арк. мыслення кампазітараў. Класічны (т. зв. малы) С.а. склаўся ў канцы 18 ст. Звычайна ў яго ўваходзілі квінтэт стр. смыкавых (І-я і 2-я скрыпкі, альты, віяланчэлі, кантрабасы), парны склад духавых (2 флейты, 2 габоі, 2 кларнеты, 2 фаготы, 2 валторны, пазней 2 трубы) і літаўры. У 19 ст. сфарміраваўся вялікі С.а., які ўключаў стр., парны склад драўляных з малой флейтай і контрафаготам, 4 валторны, 2 трубы, 3 трамбоны, тубу, літаўры, вугольнік, талеркі, вял. барабан. Творчасць рамантыкаў (К.​М.​Вебер, Ф.​Шуберт, Ф.​Мендэльсон, Г.​Берліёз) стымулявала развіццё каларыстычных і драм. бакоў гучання, увод у С.а. інструментаў з асаблівым тэмбрам (малая, альтовая і басовая флейты, англ. ражок, габой д’амур, гекельфон, малы кларнет, басетгорн, бас-кларнет, саксафон, контрафагот, арфа, чэлеста, розныя ўдарныя інструменты). Творчасць Р.​Вагнера абумовіла ўзнікненне трайнога, а да канца 19 ст. і чацвярнога (медная група ўзмоцнена квартэтам валторнавых, ці «вагнераўскіх», туб) складу С.а. Творчасць кампазітараў пач. 20 ст. (Р.​Штраус, Г.​Малер, А.​Скрабін, І.​Стравінскі) абумовіла з’яўленне звышаркестраў з пяцярной групай духавых, павялічанай колькасцю стр., ударных і інш. інструментаў; колькасць выканаўцаў дасягала 100 і больш чалавек. У 20 ст. наглядалася тэндэнцыя да памяншэння арк. складаў. Сучасная практыка ўлічвае розныя арк. склады. Найб. пашыраны трайны, камерны (малы), С.а. з павялічанай групай ударных (Стравінскі. А.​Шонберг, Б.​Бартак, А.​Месіян) без акрэсленай вышыні гучання. Адраджаюцца інстр. склады перыяду барока, вядзецца работа па стварэнні стэрэафанічнага гучання ў выніку індывідуалізаваных тыпаў рассаджвання музыкантаў або іх пераходу ў час выканання. З 1950-х г. пашырана «амерыканская рассадка»: злева ад дырыжора 1-я і 2-я скрыпкі, справа — альты і віяланчэлі, у глыбіні — драўляныя і медныя духавыя, кантрабасы, злева — ударныя інструменты. Сярод найб. вядомых С.а.: Гевандхаўз (1743), Венскі філарманічны аркестр, Нью-Йорскі філарманічны аркестр (абодва з 1842), Бостанскі сімфанічны аркестр (1881), Берлінскі філарманічны аркестр (1882), Лонданскі філарманічны аркестр (1932), Дзяржаўны акадэмічны вялікі сімфанічны аркестр імя П.​І.​Чайкоўскага (1930), Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр (1943).

На Беларусі ў 18—1-й пал. 19 ст. дзейнічалі прыватна-ўладальніцкія муз. выканальніцкія калектывы пры дварах і т-рах магнатаў (Шклоў, Гродна, Слуцк, Нясвіж, Слонім; гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). У 1803—1917 (з перапынкамі) працаваў Мінскі гарадскі аркестр; у канцы 19 ст. невял. прафес. С.а. існаваў у Віцебску, у пачатку 20 ст. дзейнічалі аматарскія С.а. ў Гродне (пры мужчынскай гімназіі), у Магілёве, С.а. у Брэсце (пры муз.-літ.-драм. гуртку). У 1910-я г. на базе нар. кансерваторый, муз. школ, драм. т-раў створаны С.а. ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве. На Беларусі (2001) працуюць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, Вял. сімф. аркестр творчага аб’яднання «Нац. акад. Вял. т-р оперы і балета Рэспублікі Беларусь», С.а. Дзярж. муз. т-ра Беларусі, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, С.а. Гомельскай абл. філармоніі, С.а. ў Брэсце, Маладзечне і інш., вучэбныя С.а. сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, у т. л. «Маладая Беларусь» Бел. акадэміі музыкі і «Маладзёжны сімфанічны аркестр» Бел. ун-та культуры.

Літ.:

Рогаль-Левицкий Д.Р. Беседы об оркестре. М., 1961;

Благодатов Г.И. История симфонического оркестра. Л., 1969;

Барсова И.А. Книга об оркестре. 2 изд. М., 1978.

Т.​А.​Шчарбакова.

т. 14, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)